22 февр. 2012 г.

Шпакоўня

image

Магчыма табе даводзілася бываць у садзе. Не, ні ў дзіцячым садку, а ў смачным садзе. Там, дзе з дрэваў цягнуцца табе ў рукі наліўныя яблыкі, мядовыя грушы; румяняцца на сонейку вішні і загарае чарэшня.

Кажуць, самы прыгожы, дагледжаны і смачны сад на Беларусі мела сям’я добрых людзей, што жылі ў адным селішчы на Палессі.

Гавораць, што нават у самыя скупыя неўрадлівыя гады ў тым садзе прыгажэлі такія сакавітыя ды салодкія яблыкі, якіх не знайсці ў іншых садах і ў лепшыя часы.

Падзівіцца на плады і ягады таго сада прыязджалі госці з усіх куткоў Беларусі, і нават з-за мяжы. А гаспадары – людзі гасцінныя: прымуць шчыра, накормяць смачна і павядуць сад глядзець, садоўніцкімі сакрэтамі дзяліцца і слухаць спевы шпакоў.

Трэба сказаць, што тыя шпакі былі выдатныя майстры па частцы вакалу: маглі пераймаць галасы дванаццаці відаў птушак. У іх рэпертуары былі песні дразда-белабровіка, чачавіцы, жаўтушкі, пячураўкі, круцігалоўкі. Аздаблялі свае нумары яны пошчакамі кулёна, свістам пагоніча, ціўкатам вясковай ластаўкі, чуфыканнем цецярука, чмяканнем кучара крыжанкі, крыкам пусцельгі.

За такія канцэрты, ды й за дапамогу ў знішчэнні шкодных для сада казюркаў, не шкадавалі гаспадары для шпакоў ягадаў, і штогод паднаўлялі шпакоўню.

Аднак аднойчы, ніхто не можа ўспомніць з якой прычыны, пераехалі нашыя садоўнікі ў другое месца, а сваю хату і сад са шпакоўняй прадалі іншаму гаспадару.

— Не, гэтая шпакоўня не ўпісваецца ў ландшафтны дызайн, — сказаў новы гаспадар сада.

І калі сям’я салодкаспеўных шпакоў вярнулася наступнай вясной з выраю, то не знайшла сваёй хаткі на месцы. Аднак у селішчы хапала добрых дзяцей, і птушкі засялілі іншую шпакоўню, зробленую хлопчыкамі.

А сад з тых часоў перастаў быць такім дзіўным. Бо ўраджаю шкодзілі розныя казюкі, якіх раней з’ядалі шпакі. Ды і не было як паслухаць болей у тым садзе зачаравальных птушыных спеваў.

Комментариев нет:

Отправить комментарий