22 февр. 2012 г.

Чароўны посуд (казка)

clip_image002

 

Многія думаюць, што магія знікла, калі з развалілася Трыдзевятае царства, а яго асілкі і драконы, чарадзеі і казачныя істоты засталіся на прачытаных старонках Кнігі часу. Аднак маленькая Яна цяпер ведае, што гэта не так. Бо менавіта праз магію дзяўчынка адолела адзіноту і набыла сябровак. Магчыма, яе гісторыя і цябе навучыць трохі чарадзейству.

Будзе слушна пачаць гэты аповяд з таго, што Яне пашчасціла з бацькамі. Яны любілі дачку і песцілі яе часам даволі дарагімі цацкамі. Я б табе падрабязна распавёў пра яе цацкі, аднак іх так многа, што усяго і не ўспомніш. Дастаткова сказаць, што калекцыя лялек у Яны была самая, напэўна, багатая ў горадзе. А колькі сукеначак, спаднічак і чаравічак было ў тых лялек! Такому гардэробу пазайздросціла б і англійская прынцэса. І меліся ў тых лялек домікі, ложачкі, калыскі… А ў некаторых і машыны.

Адным словам, для гульняў у Яны было ўсё. Апроч сябровак. Не хацелі з ёй чамусьці гуляць іншыя дзеці. “Не перажывай: яны проста зайздросцяць тваім цацкам!”, — супакойвала Яначку маці. А Яначка сама зайдросціла вясёлым гульням дзяцей, і гатова была развітацца з цацкамі, каб толькі мець сябровак. Аднак дзяўчынка добра памятала словы бацькі, які сказаў аднойчы свайму сябру ў адказ на просьбу пазычыць машыну:

— Не магу даць: рэч дарагая — трэба берагчы!

І Яначка берагла свае дарагія рэчы ад рук чужых дзяцей.

Так і журылася б дзяўчынка сам-насам са сваімі цацкамі без сябровак, каб не прыехаў аднойчы пагасціць бацька Яначкінай маці – дзед Васіль.

— Чаго гэта сумуе мая любая ўнучка цэлымі днямі ў кватэры? — пацікавіўся аднойчы дзед Васіль. — Няўжо бацькі не дазваляюць выйсці пагуляць на сонейку з іншымі дзецьмі?

— Дазваляюць, дзеда. — адказала любімая ўнучка. — Але не прымаюць мяне дзеці ў свае гульні. Так што і на вуліцы прыйшлося б гуляць адной. У кватэры, дзе мяне ніхто не бачыць, хоць не так крыўдна.

Паглядзеў дзед Васіль ласкава на Яначку, пакруціў вус, ды кажа:

— Ну, вось што. Хацеў я патрываць да твайго Дня Нараджэння, але раз такая справа, потым што-небудзь яшчэ прыдумаем. Ёсць у мяне для маёй унучкі чароўны падарунак. З ягонай магіяй цябе прымуць у любую кампанію. Чакай тут!

Схадзіў дзед у пакой, дзе спаў, і прынёс адтуль вялікую скрынку з цудоўным наборам цацачнага посуду. Тут было ўсё: чайны сервіз на шэсць персонаў з маленькімі чайнымі лыжачкамі; сталовыя, супавыя і закусачныя талеркі; сталовыя лыжкі і відэльцы. І ўсё такое прыгожанькае і зусім як сапраўднае! Асабліва Яначку пацешыў пузаценькі імбрычак. Ён нацягнуў беленькую шапку з пампонам, задраў уверх нос і надзьмуўся, ўпёршыся рукой у бок, нібы быў незадаволены, што яго патурбавалі, выняўшы са скрынкі.

— Я рад, што табе даспадобы! — узрадаваўся дзед Васіль, пабачыўшы як загарэліся вочы Яначкі. — Аднак, гэта не просты посуд: гэты посуд чароўны. Яго магія зробіць тваімі сябрамі тых, хто разам з табой пагуляе з ім. Аднак, дзейснай будзе тая магія толькі ў тым выпадку, калі ў тваім сэрцы будуць жыць шчырасць і шчодрасць. Добра запомні гэта!

— Запомню. — паабяцала дзяўчынка. — Вой, а як жа мне прымусіць дзяцей пагуляць разам са мной з гэтым посудам?

— Аб гэтым не турбуйся: будзь шчырай і шчодрай — астатняе зробіць магія. — усміхнуўся дзед.

І Яначка рушыла гуляць да дзяцей.

Трэба сказаць, што спачатку дзеці з недаверам успрынялі прапанову Яначкі пагуляць у дом з новым посудам:

— З табой нецікава: бо ты не даш дакрануцца нават да самай маленькай лыжачкі! Зноў скажаш: “Рэч дарагая – трэба берагчы!”

— Не скажу! — запярэчыла Яна. — Цяпер я шчырая і шчодрая.

І дзяўчынка стрымала слова. З абеда і да самай вячэры гуляла Яначка з новымі сяброўкамі і ў “дом”, і ў “дзіцячы садок”, і ў “госці”. І так весела і прыемна было гуляць з іншымі дзецьмі, што шчодрая і шчырая Яначка абяцала ім наступным разам прынесці для сумесных гульняў сваіх лялек.

Ці трэба казаць, што дамоў вярнуся Яначка шчаслівая як ніколі. І першага каго ўспомніла, так гэта дзеда Васіля:

— Дзеда, дзеда, памагла твая магія! Дзякуй табе! Навучы, калі ласка, і мяне так чарадзейнічаць!

— Няўжо ты сама яшчэ не зразумела сакрэт гэтай магіі? — здзівіўся дзед Васіль.

— Не! Як я магла здагадацца?! — адказала Яначка.

— Ну, ў такім выпадку слухай уважліва і запамінай, бо другі раз гэтым сакрэтам я дзяліцца не буду! — папярэдзіў дзед. —Яшчэ з сівых часоў маюцца ў свеце дзве крыніцы магічнай моцы. Адна завецца Любоў. Гэта яна стварыла Свет такім цудоўным-прыгожым, дружным і зладжаным. Яе сілай Свет і трымаецца. Магія якой ты карысталася сёння бярэ свой выток у Любові. Посуд чароўны не сам па сабе: ён асвечаны сілай Любові праз шчырае і шчодрае сэрца. Магія Любові заўсёды збліжае, мірыць людзей, робіць іх сябрамі. Толькі гэтая магія можа падарыць сапраўднае шчасце. Успомні сама якая ты сягоння прыбегла шчаслівая!

— А другая! Якая другая магія? — не цярпелася ведаць Яначцы.

— Другая магія — злая. Яна можа вабіць нейкімі выгодамі, аднак насамрэч заўсёды імкнецца пасварыць і разлучыць людзей, зрабіць іх самотнымі і няшчаснымі. Калі б яна была мацнейшая за магію Любові, то Свет даўно бы разваліўся і перастаў існаваць, бо сіла гэтай магіі ў злосці і нянавісці. Калі табе хочацца не паслухацца бацькоў, нашкодзіць, сказаць каму-небудзь штосьці злое — гэта верныя прыкметы таго, што цябе зачаравала злая магія.

— І як тады вызваліцца ад чар? — спужалася дзяўчынка.

— Праз магію Любові, зразумела! — патлумачыў дзед Васіль. — Трэба ўспомніць, што ты добрая дзяўчынка, пасяліць ў сваім сэрцы шчырасць, шчодрасць, дабразычлівась, а тады сказаць нячутна ў розуме: “Творца ўсяго Свету – Любоў, дай мне сілу перамагчы зло!” І сама пабачыш, як у цябе паявіцца моц на добрыя ўчынкі і пачуцці.

Вось такі дзед-чарадзей ў Яначкі. Магчыма, ягоныя ўрокі чарадзейства і табе пойдуць на карысць.

Комментариев нет:

Отправить комментарий