22 февр. 2012 г.

Свечка (хрысціянская казка)

clip_image002

 

З табой калі-небудзь здараліся дзівосныя прыгоды? А з маім сябрам, пяцігадовым Мікітам, аднойчы здарылася нешта незвычайнае. І я яму веру, бо Мікіта добры хлопчык, а добрыя хлопчыкі ніколі не падманваюць. Ну, хіба толькі, трохі падхарошаць.

Усё пачалося са смерці мамы. Хлопчык вельмі смуткаваў па яе руках, якія сагравалі ў пяшчотных абдымках, па яе лагодным паглядзе і па салодкім пацалунке на ноч. А як яму не хапала перад сном яе чароўных казак і ціхіх калыханак!

А тут яшчэ адна бяда: у хлопчыка не было таты, і таму дарослыя вырашылі аддаць яго ў дзіцячы дом. Вы толькі ўявіце сабе: Мікіце прыйшлося б развітацца з тым самым ложачкам, у які ўкладала яго кожны вечар мама! Гэтага ён вытрымаць не мог і папросту збег з хаты.

Трэба сказаць, што справа адбывалася ў вёсцы. А на ўскраіне яе, трошкі збочыўшы з дарогі, спынілася ў задуменні старая драўляная цэркаўка, якую матуля з Мікітай часам наведвалі. Святар прыязджаў сюды рэдка (бо служыў ён адзін на некалькі прыходаў), таму і на той раз царква аказалася пустая.

Схаваўся Мікіта за “свечную скрыню”, прытоіўся са сваімі невясёлымі думкамі і сам не заўважыў як заснуў. Адпачываць, аднак, яму доўга не давялося. Чуе хлопчык: рыпіць старая падлога ў храме, нібыта ходзіць хто. Забіўся Мікіта яшчэ больш у кут – баіцца, што знойдуць. А сам яшчэ пільней прыслухоўваецца. І раптам зразумеў ён, што нікога ў храме няма, а падлога тая не рыпіць, а бурчыць пра нешта:

– Вох-вох-вох, як цяжка мне даецца быць самай блізкай да нашага любага Спадара і Творцы Божанькі! Кожны па мне ходзіць, кожны мяне шарпае – ажно рыпяць-баляць мае яловыя рабрынкі! Чаго толькі не выношу, каб быць бліжай да любаснага нашага Спадара. Затое за такія смірэнныя подзвігі любіць мяне Божанька больш за ўсіх!

– Не перабольшвай, сястрычка, – туркнуй драўляны аналой. – Я помню цябе яшчэ маладой – месцамі згарбацелай і шурпатай. А цяпер глядзі, якая ты стала роўная ды гладзенькая, ажно бліскаціш. А ўсе таму, што так шмат па табе хадзілі-гладзілі, рэбры-дылёўкі нагамі стоптвалі-выраўноўвалі, падганялі адну да другой. Не выхваляцца такімі “подзвіагамі” трэба, а яшчэ падзякаваць людзям за дапамогу!

Іншая справа я. У звычайнай хаце вы аналояў не пабачыце, значыць, зроблены я з адмысловым прызначэннем: памагаць у царкве багамольцам любаму Спадару нашаму служыць. Атрымліваецца, любіць мяне Спадар асаблівай любоўю, раз даў мне такое адмысловае і адказнае даручэнне!

– Такімі смешнымі вы падаяцеся зверху! І разважаеце вы смешна! – паблажліва заўважыў высокі купал. – Каго больш любяць, таго трымаюць бліжэй да сябе. А хто бліжэй да генерала: салдат ці афіцэр? Хто чынам вышэй, той да ваяводы бліжэй! Не дарма мяне паставілі над усімі вамі. Вышэй за мяне няма нікога, акрамя Самога Госпада Бога! Вось і крыж Ягоны прыладзілі мне на капялюш, напамінам, што любы наш Спадар Божанька хоць і не бачны, а заўжды побач са мной.

“І над магілай мамы такі крыж паставілі”, – успомніў Мікіта, аднак уголас нічога не сказаў, бо пабаяўся спудзіць суразмоўцаў.

– Ці не так, пані Свечка? – чакаючы падтрымкі запытаў Купал.

Толькі цяпер Мікіта заўважыў, што на падсвечніку за аналоям, які прыгажэў пасярод храма, гарэла васковая свечка. І адкуль яна толькі ўзялася?

Свечка, аднак, нічога не адказала. Магчыма яна і не пачула пытання, бо ёй было некалі спрачацца пра тое, хто бліжэй да любімага Бацькі ўсіх Спадара Бога. Ужо вечарэла. У храм пракралася змрочная цемра і прахалода. І свечцы прыходзілася змагацца з імі, аддаючы святло і цяпло.

Мікіце надакучыла хавацца, і ён падышоў да падсвечніка. Ад свечкі пацягнула цяплом і ў яго бок. Хлопчыку чамусьці ўзгадалася любоў ягонай маці: як прыемна было адагравацца ў яе абдымках, і якім ласкавым святлом ззялі яе вочы, калі яна нахілялася над ложкам, каб падарыць салодкі пацалунак на ноч… А пакуль ён аддаваўся ўспамінам, свечка зусім растаяла, аддаўшы без астачы цеплыню сваёй светлай душы таму нябачнаму свету, дзе жыве любасны Бацька ўсіх і Спадар Божанька.

– Вось хітруга! – не вытрымаў такога нахабства Купал. – Пакуль мы тут высвятлялі, хто самы любімы, яна ўзяла і збегла ад нас у ласкавыя абдымкі Спадара Бога! Гэта парушае ўсякую субардынацыю, бо вышэй за мяне тут нікога няма!

Мікіта не ведаў чым ёсць “субардынацыя”, аднак ён зразумеў, што калі нават душа свечкі трапіла ў ласкавыя абдымкі Спадара Бога, то маці тым больш заслужыла Ягоную любоў. Бо матуля аддала Мікіце столькі святла і цяпла сваёй любові, колькі хапіла бы і на цэлы вагон свечак.

Хлопчык папрасіў літасцівага Спадара Бога паклапаціцца пра маці ў нябачным Свеце. А маці папрасіў не сумаваць пра яго.

Павесялеўшы, Мікіта вярнуўся дадому, бо цяпер ведаў, што дзе б ён ні знаходзіўся, маці будзе глядзець на яго з нябачнага Свету і перажываць, каб сын не сумаваў і рос харошым.

Вось такую гісторыю распавёў мне пяцігадовы Мікіта. І я яму веру, бо Мікіта харошы хлопчык, а харошы хлопчык не стане падманваць.

Комментариев нет:

Отправить комментарий